Жыла я ў мамачкі

Жыла я ў мамачкі на выгодзе
Садзіла арэшанькі ў агародзе.
Расціце арэшанькі вышэй плоту
Аддала мяне мамачка за блазноту
Адддала мяне мамачка за блазноту
У чужую хатачку на работу
Чужыя малодачкі пьюць гуляюць
Мяне мой блазнотачка не пускае.
Мяне мой блазнотачка не пускае,
А ўсё да работачкі прыціскае.
А пайду да татачкі папрашуся,
Калі прыміць татачка, то наймуся.
А татачка родненькі не прымае
Мяне да блазнотачкі адпраўляе.
А я да блазнотачкі не вярнуся
А пайду да мамачкі папрашуся,
А пайду да мамачкі папрашуся.
Калі прыміць мамачка, то вярнуся.
А мамачка родная не прымае
Мяне да блазнотачкі адпраўляе
А я да блазнотачкі не вярнуся.
Пайду ў быстру рэчаньку ўтаплюся.
Я да быстрай рэчкі падхадзіла.
Аж на мяне сонейка засвяціла.
Я думала сонейка засвяціла
Аж там мая мамачка падскачыла.
Яна мяне з рэчачкі ратавала
І маё замужайка праклінала.
Каб ты мая дочачка састарэла
Ходзь бы маё сэрдцэйка не балела.

Запісана ад Занкавіч Ірыны Васільеўны, 1942 г.н. Каралеўцы, Вілескі р-н.



06 Вілейскі р-н, в Каралеўцы - Жыла я ў мамачкі